ЛЯХАВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЛЯХАВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Урок для дзяцей, экзамен для бацькоў. МНС аб выніках першага этапу акцыі "Бяспека ў кожны дом!"

19/02/2024 16:45

 19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршыўся першы этап рэспубліканскай кампаніі МНС "Бяспека ў кожны дом!", які праходзіў з 1 па 14 лютага. У цэнтры ўвагі работнікаў МНС былі шматдзетныя сем'і і сем'і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паведамілі БЕЛТА ў выратавальным ведамстве.

"Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і дзіцячае свавольства з агнём. У большасці выпадкаў такія здарэнні з'яўляюцца вынікам чалавечай нядбаласці і грэбавання правіламі бяспекі, таму ў мэтах прадухілення пажараў і гібелі людзей ад іх з 1 па 14 лютага ў рэспубліцы прайшоў першы этап інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі "Бяспека ў кожны дом!", - удакладнілі ў МНС.

Акцыя прайшла ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так, дом сямейнага тыпу, у якім пражываюць 12 дзяцей, наведалі работнікі Гомельскага абласнога УМНС. Яны прапанавалі ўдзельнікам акцыі згуляць у "Бяспечны дом", паглядзець прафілактычныя відэаролікі, а таксама ўручылі брашуру "Энцыклапедыя бяспекі для бацькоў".

У гасцях у шматдзетных сем'яў і сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пабывалі работнікі Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. У час інтэрактыўных заняткаў ратавальнікі нагадалі дзецям аб правілах бяспечных паводзін, а таксама аб тым, як неабходна дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях. Бацькам жа работнікі МНС давалі парады, як зрабіць дом бяспечным.

Шматдзетным сем'ям у Асіповічах работнікі МНС нагадалі асноўныя правілы бяспекі ў паўсядзённым жыцці. Арыентуючыся на розную ўзроставую катэгорыю, ратавальнікі падрыхтавалі настольныя гульні некалькіх узроўняў складанасці, каб працэс навучання быў захапляльным і цікавым для ўсёй сям'і. А для замацавання матэрыялу ўсе ўдзельнікі акцыі паглядзелі відэафільмы.

Сустрэча работнікаў прапаганды Магілёўскага гарадскога ўпраўлення МНС прайшла ў шматдзетнай сям'і, дзе бацькоў азнаёмілі з мабільным дадаткам "МНС Беларусі: дапамога побач". З дзецьмі ж ратавальнікі ў гульнявой форме паўтарылі правілы бяспекі. На заканчэнне мерапрыемства дарослыя атрымалі брашуру "Энцыклапедыя бяспекі для бацькоў", а дзеці часопіс "Юный спасатель".

У Касцюковічах у фармаце дамашняга дыялогу прайшлі ўрокі бяспекі для шматдзетных сем'яў і сем'яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі з удзельнікамі акцыі інтэрактыўныя гутаркі аб выкананні правіл бяспекі ў быце і эксплуатацыі электраабсталявання і расказалі аб небяспецы пакідання дзяцей адных без нагляду. У гульнявой форме дзеці паўтарылі нумары тэлефонаў службаў экстраннага рэагавання і паглядзелі мультфільм "Спецатрад 112", а бацькі прайшлі тэсціраванне на веданне правіл бяспекі.

Не засталіся без увагі і шматдзетныя сем'і Клімавіцкага раёна. Тут у цэнтры ўвагі аказалася адпрацоўка алгарытму дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару. Бацькоў ратавальнікі заклікалі выконваць правілы пажарнай бяспекі, не пакідаць дзяцей адных без нагляду і сваім прыкладам вучыць маладое пакаленне.

У Брэсцкай вобласці работнікі МНС Пінскага гарадскога і Пружанскага раённага аддзелаў па надзвычайных сітуацыях правялі сустрэчы з дзецьмі і іх бацькамі ў фармаце дамашняга дыялогу з элементамі гульнявой праграмы. Урок па бяспецы для дзяцей, экзамен для бацькоў у доме сямейнага тыпу падрыхтавалі работнікі Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Каб правілы бяспекі было цікава і лёгка вывучаць, работнікі Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях прадставілі іх у гульнявой форме, выкарыстоўваючы навучальнае поле "Спецатрада 112", карткі "5 крокаў выратавання" і "Знайдзі выйсце з надзвычайнай сітуацыі". Не толькі дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні і гулялі, але і бацькі былі ўключаны ў гэты працэс.

Работнікі Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях таксама наведалі шматдзетныя сем'і. На Аршаншчыне такіх сем'яў больш за паўтары тысячы. Ратавальнікі яшчэ раз нагадалі дзецям і іх бацькам аб правілах бяспекі, а пасля прапанавалі да прагляду відэафільм "Не пакідайце дзяцей адных".

Работнікі МНС Лёзненскага раённага і Полацкага гарадскога аддзелаў па надзвычайных сітуацыях разам з героямі мультфільмаў "Чароўная кніга" і "Фіксікі" прыйшлі ў госці да шматдзетных сем'яў. Пры дапамозе гульняў і конкурсаў яны далучалі да працэсу вывучэння правіл бяспекі не толькі дзяцей, але і дарослых. Малыя дзеці, гуляючы, змаглі ўспомніць алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару, нумары выкліку экстранных службаў, правілы бяспекі ў зімовы перыяд і правілы бяспекі дома, а бацькі дзякавалі ратавальнікам за крэатыўны падыход да навучання бяспецы.

Старшы інспектар прапаганды Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадала дарослым і дзецям пра важныя правілы бяспекі з дапамогай гульні "Дапоўненая рэальнасць". Шматдзетныя сем'і Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў, калі ў іх дом пастукалі работнікі МНС, сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных заняткаў і гульняў па бяспецы "5 крокаў выратавання", "Небяспека ў кватэры", "Службы выратавання", "Бяспечная эвакуацыя", "Крыжыкі-нулікі".

У інтэрнаце нумар 16 Жлобіна, дзе пражываюць шматдзетныя сем'і і сем'і з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, у холе працавалі навучальныя інтэрактыўныя пляцоўкі МНС. Работнікі МНС расказвалі, як правільна абсталяваць сваю кватэру, каб дзіцяці ў ёй было бяспечна, і заклікалі не пакідаць дзяцей без нагляду. Маладым мамам работнікі МНС прапанавалі прайсці тэсціраванне з мабільнага дадатку "МНС Беларусі: дапамога побач".

Не засталіся без увагі і юныя жыхары Ліды. Работнікі МНС паразмаўлялі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і прапанавалі ім згуляць у настольную гульню "Чэмпіянат бяспекі". Дзеці змаглі адправіцца ў прыгоды, дзе ім трэба было знайсці выйсце з розных надзвычайных сітуацый.

Незвычайны ўрок бяспекі прапанавалі шматдзетным сем'ям ратавальнікі Гродзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі БРСМ і сацыяльнай службы. Дзеці і іх бацькі былі вельмі рады гасцям. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні ратавальнікаў і расказвалі, як трэба дзейнічаць у экстраннай сітуацыі. Замацаваць атрыманыя веды ратавальнікі прапанавалі, згуляўшы ў "Бяспечны твістар".

Работнікі МНС Мінска і Мінскай вобласці таксама наведалі шматдзетныя сем'і. Бацькам ратавальнікі рэкамендавалі ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў кожны жылы пакой свайго домаўладання і нагадалі аб неабходнасці падтрымання яго ў спраўным стане, а з хлопчыкамі і дзяўчынкамі работнікі МНС у гульнявой форме адпрацоўвалі правілы выкліку экстранных службаў і дзеянні ў выпадку пажару. Усе ўдзельнікі атрымалі карысныя падарункі - кнігі і размалёўкі.

Работнікі МНС Магілёўскай вобласці не толькі наведалі шматдзетныя сем'і і сем'і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але і прапанавалі гэтым сем'ям паўдзельнічаць у фотаконкурсе на тэму, якую юныя ўдзельнікі і іх бацькі выбіралі самі: "Сям'я - за бяспеку", "Мы ганарымся тым, чаму навучылі!", "Наша сям'я моцная ў бяспецы!". Сем'і, захопленыя тэмай конкурсу, стваралі цэлыя кампазіцыі, прысвечаныя навучанню правілам бяспекі, а таксама шылі касцюмы ратавальнікаў МНС і стваралі пазнавальныя фотакалажы.-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі