Вывад ваеннаслужачых Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў (АКСВ) з Афганістана завяршыўся 35 гадоў таму - 15 лютага 1989 года. Паводле ацэнкі некаторых сучасных палітолагаў, гэта была першая вялікая антытэрарыстычная вайна навейшай гісторыі.
Ваенны канфлікт у Афганістане прадаўжаўся амаль дзесяць гадоў - з
1979 па 1989 год. Барацьба паміж урадавымі сіламі краіны пры падтрымцы
АКСВ з аднаго боку і ваенізаванымі фарміраваннямі маджахедаў
("барацьбітоў за веру", душманаў), якіх падтрымлівалі вядучыя дзяржавы
НАТА і краіны кансерватыўнага ісламскага свету, вялася за поўны
палітычны кантроль над тэрыторыяй Афганістана.
СССР па Дагаворы аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 5
снежня 1978 года ажыццяўляў праграму палітычнага і эканамічнага
супрацоўніцтва з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА), якая
прыйшла да ўлады ў краіне ў выніку "красавіцкай рэвалюцыі" 1978 года.
Урад Афганістана з сакавіка 1979-го неаднаразова звяртаўся да
кіраўніцтва СССР з просьбай аб прамым савецкім ваенным умяшанні.
25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніцтвам краіны і з мэтай
аказання падтрымкі ўраду НДПА ў Афганістан былі ўведзены савецкія
войскі. Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў (яго складала 40-я армія)
перасек граніцы Савецкага Саюза з Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан
(ДРА) і аказаўся ўцягнуты ў грамадзянскую вайну, якая разгаралася ў
Афганістане.
АКСВ размясціўся ў Афганістане па гарнізонах і на першым этапе
свайго знаходжання ў краіне займаўся арганізацыяй аховы пунктаў
дыслакацыі і розных аб'ектаў. З 1980 па 1985 год праводзіліся актыўныя
баявыя дзеянні і буйныя аперацыі сумесна з сіламі афганскай арміі на
ўсёй тэрыторыі дзяржавы. У 1985-1987 гадах АКСВ перайшоў ад актыўных
баявых дзеянняў да падтрымкі афганскіх войскаў авіяцыяй, артылерыяй і
сапёрнымі падраздзяленнямі, сілы спецыяльнага прызначэння займаліся
спыненнем дастаўкі зброі і боепрыпасаў для маджахедаў з-за мяжы. У
апошнія гады знаходжання ў Афганістане савецкія ваеннаслужачыя
ўдзельнічалі ў правядзенні афганскім кіраўніцтвам палітыкі нацыянальнага
прымірэння і прадаўжалі падтрымку афганскіх войскаў.
4 мая 1986 года на пасаду генеральнага сакратара ЦК НДПА быў
выбраны Махамад Наджыбула. У 1987 годзе ён стаў прэзідэнтам краіны, якой
у хуткім часе была вернута назва Рэспубліка Афганістан (РА).
14 красавіка 1988 года пасля шматгадовых (з 1982 года) непрамых
афгана-пакістанскіх перагавораў Рэспубліка Афганістан, Пакістан, СССР і
ЗША падпісалі ў Жэневе пагадненні па палітычным урэгуляванні становішча
вакол Афганістана. У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі ўмяшанне
ва ўнутраныя справы Афганістана павінна было спыніцца.
З 15 мая 1988 года пачаўся вывад АКСВ, які завяршыўся 15 лютага
1989 года. Вывадам войскаў кіраваў апошні камандуючы 40-й арміяй
генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Ён апошнім з воінаў Абмежаванага
кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане 15 лютага ў 10 гадзін 30
мінут перайшоў мост цераз раку Амудар'ю, якая раздзяляла дзве дзяржавы ў
раёне горада Тэрмез.
За ўвесь перыяд вайны праз Афганістан прайшлі 620 тыс. савецкіх
ваеннаслужачых. За ваенныя і іншыя заслугі больш за 200 тыс. чалавек са
складу АКСВ былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 86 удастоены звання
Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх беларусы. У складзе абмежаванага
кантынгенту ў Афганістане ваявалі каля 30 тыс. беларусаў, пры гэтым 771
чалавек не вярнуўся з Афганістана, 12 з іх лічацца прапаўшымі без
вестак.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года "Аб
дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы
Беларусь" 15 лютага ўстаноўлены Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У Рэспубліцы Беларусь прызнанне подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў
застаецца нязменным. У 2002 годзе Мінскім гарвыканкамам быў
зарэгістраваны дабрачынны фонд дапамогі воінам-афганцам "Памяць Афгана".
У цэнтры Мінска, у лукавіне ракі Свіслач, узведзены мемарыял на
"Востраве слёз" у памяць аб загінулых пры выкананні інтэрнацыянальнага
абавязку ў Афганістане. Манументы і помнікі воінам-інтэрнацыяналістам
устаноўлены ў многіх гарадах і пасёлках Беларусі.
У снежні 2023 года ў азнаменаванне 35-годдзя з дня вываду войскаў
савецкай арміі з Дэмакратычнай рэспублікі Афганістан быў заснаваны
юбілейны медаль "35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана",
адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Медаль
будуць уручаць грамадзянам рэспублікі (у тым ліку пасмяротна), якія
выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане са снежня 1979-га па
люты 1989 года. Ім таксама будуць узнагароджваць ваеннаслужачых
Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, работнікаў
дзяржорганаў і арганізацый, асоб, якія ўнеслі значны ўклад у
патрыятычнае выхаванне грамадзян Беларусі. Медаль змогуць атрымаць і
грамадзяне, якія займаліся ўвекавечаннем памяці загінулых, развівалі
ветэранскі рух, арганізоўвалі сацыяльную і медыцынскую рэабілітацыю
воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў, а таксама членаў сем'яў
загінулых.-0-