7 лютага, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан у 2024-2025
гадах рэалізуюць праекты больш як на $1 млрд. Аб гэтым паведаміў
журналістам віцэ-прэм'ер Леанід Заяц у час II Форуму рэгіёнаў Беларусі і
Узбекістана ў Ташкенце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На палях форуму Леанід Заяц правёў перагаворы са сваім узбекскім калегам намеснікам прэм'ер-міністра Жамшыдам Хаджаевым.
Паводле слоў беларускага віцэ-прэм'ера, бакі знайшлі
ўзаемаразуменне па ўсіх напрамках: "Гэта прамысловая кааперацыя,
сельская гаспадарка, перапрацоўчая прамысловасць, гуманітарныя пытанні,
пытанні адукацыі, супрацоўніцтва ў спорце і турызме, падрыхтоўка кадраў
для лесатэхнічнай галіны, горадабудаўніцтва, ЖКГ - вялікі спектр
пытанняў. Яны змацоўваюцца 99 дакументамі на агульную суму $1,054 млрд".
Гэта ў тым ліку экспартныя кантракты і інвестыцыйныя праекты. Іх
рэалізацыя запланавана на 2024-2025 гады. Гэтыя праекты будуць
пакладзены ў аснову дарожнай карты супрацоўніцтва паміж краінамі на
бліжэйшыя два гады. "Мы возьмем гэтыя пытанні на кантроль, каб ніводны
пункт, ніводная пазіцыя не былі выключаны", - заявіў Леанід Заяц.
За 2018-2022 гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся ў 3,2
раза. У 2023 годзе аб'ём узаемнага гандлю вырас яшчэ на 12 працэнтаў і
перасягнуў $565 млн.
"Ёсць магчымасці падняцца значна вышэй, - упэўнены Леанід Заяц. -
Вельмі шмат цікавага ёсць для Беларусі ва Узбекістане, і вялікую
цікавасць адчувае Узбекістан да Беларусі".
Беларусь, у прыватнасці, хоча стварыць ва Узбекістане сумесную
вытворчасць дзіцячых прадуктаў харчавання, арганізаваць зборку
пасажырскага транспарту Мінскага аўтамабільнага завода, адкрыць
прадпрыемствы ў тэкстыльнай галіне. Ствараецца таксама сумесная
вытворчасць баваўнаводчых трактароў.-0-