14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесны беларуска-расійскі
культурна-адукацыйны праект "Поезд Памяці" цудоўна сябе зарэкамендаваў і
ў 2024 годзе павінен прайсці на высокім узроўні. Аб гэтым заявіла
старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на першым пасяджэнні
арганізацыйнага камітэта па яго падрыхтоўцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Прэзідыума Савета Рэспублікі,
кіраўніцтва рэспубліканскіх дзяржаўных органаў і арганізацый,
прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны (у фармаце відэаканферэнцсувязі).
"Поезд Памяці" арганізуецца па ініцыятыве Савета Рэспублікі і
Савета Федэрацыі з 2022 года. "Мы ўжо два гады праводзілі гэты важны
маладзёжны праект. Ён сябе зарэкамендаваў цудоўна. Бачым, наколькі добры
вынік і наколькі гэта цікава моладзі Расіі і Беларусі, - адзначыла
Наталля Качанава. - Расійскія дзеці знаёмяцца з гісторыяй Беларусі,
нашымі гарадамі, беларусы - з расійскімі гарадамі, гісторыяй. Гэта тое,
што сёння аб'ядноўвае нашы краіны".
У праекце ўдзельнічаюць 200 дзяцей. Спачатку яны прадстаўлялі
толькі Расію і Беларусь, а ў 2023 годзе да "Поезда Памяці" далучыліся
маладыя людзі з Кыргызстана і Арменіі. Чакаецца, што ў 2024-м годзе
геаграфія таксама пашырыцца - запрашэнні накіраваны іншым краінам СНД. У
прыватнасці, ужо атрыманы станоўчы адказ ад Азербайджана,
прапрацоўваецца ўдзел Казахстана і Узбекістана.
Адной з першачарговых задач Наталля Качанава назвала дэталёвую
прапрацоўку маршрутаў у рэгіёнах. Вобласці і Мінск ужо рыхтуюць свае
прапановы. На першым пасяджэнні аргкамітэта таксама абмеркавалі адбор
дзяцей, пашыў для іх формы, медыцынскае абслугоўванне, харчаванне,
пытанні бяспекі, устаноўку тэматычных білбордаў, арганізацыю выстаўкі
фатаграфій, якія зроблены ў час наведванняў удзельнікамі праекта
памятных мясцін Беларусі і Расіі. Акрамя таго, спікер звярнула ўвагу,
што па дарозе перамяшчэння маладых людзей неабходна прадставіць шырокі
асартымент сувенірнай прадукцыі.
Стартуе "Поезд Памяці" ў Брэсце 21 - 22 чэрвеня. "Гэта будзе
нязменна заўсёды, гэта - традыцыя: Брэст, Брэсцкая крэпасць, -
падкрэсліла Наталля Качанава. - Сустракаючыся з дзецьмі, бачу, як яны
ганарацца ўдзелам у праекце. Гэта і патрыятычнае выхаванне, і яднанне
моладзі для таго, каб памятаць нашу гісторыю, шанаваць яе і ў далейшым
расказваць сваім равеснікам. Маладыя людзі сустракаюцца, дзеляцца
ўражаннямі, сябруюць, што вельмі важна".
Спікер Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што ў праграму
трэба ўключыць не толькі наведванне памятных, знакавых для нашай краіны
мясцін, але і прадставіць сучасную гісторыю Беларусі, развіццё
эканомікі. Асноўны акцэнт будзе зроблены на тым, што 2024 год - гэта
80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Як паведамлялася, у 2022 годзе з 21 чэрвеня па 3 ліпеня "Поезд
Памяці" прайшоў па сямі гарадах Беларусі і сямі гарадах Расійскай
Федэрацыі. Таксама ўдзельнікі праекта наведалі парк "Патрыёт" у
Маскоўскай вобласці. Маршрут уключаў Брэст, Гродна, Віцебск, Смаленск,
Ржэў, Вязьму, Кубінку, Маскву, Санкт-Пецярбург, Вялікі Ноўгарад, Пскоў,
Оршу, Магілёў, Гомель, Мінск. На канечную станцыю поезд прыбыў 3 ліпеня -
да Дня Незалежнасці Беларусі.
У 2023 годзе з 21 чэрвеня па 6 ліпеня маршрут "Поезда Памяці"
прайшоў па 14 гарадах Расіі і Беларусі. Дзеці наведалі знакавыя месцы
Гродна, Жлобіна, Магілёва, Полацка, Мінска, Санкт-Пецярбурга, Уфы,
Самары, Масквы, Тулы і Валгаграда.
Традыцыяй "Поезда Памяці" сталі сустрэчы Прэзідэнта Беларусі
Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі праекта ў Дзень Незалежнасці
Рэспублікі Беларусь на Кургане Славы.-0-