ЛЯХАВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЛЯХАВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Свята прыезду Снягурачкі пройдзе 7 снежня ў Белавежскай пушчы

05/12/2024 11:32

5 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У нацыянальным парку "Белавежская пушча" 7 снежня з прыезду Снягурачкі стартуе зімовы турыстычны сезон. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы нацпарку Аксана Багалейша.

"Кожны год турысты з нецярпеннем чакаюць адкрыцця зімовага сезона. Заўсёды робім гэта ў першыя выхадныя снежня. Снягурачка прыязджае з сям'ёй - Матухнай Зімой, Завірухай, Сцюжай і Мяцеліцай. Дзед Мароз практычна год рыхтуецца да такой падзеі. З гэтай нагоды ў нас будзе свята", - расказала Аксана Багалейша.

Прыезд Снягурачкі абяцае быць яркім. Гледачы змогуць паназіраць за ўз'яднаннем казачнай сям'і. У гэты дзень у маёнтку Дзеда Мароза адбудзецца фестываль самадзейнай творчасці "Агні зімы". На адкрытай пляцоўцы артысты будуць выступаць у рэжыме нон-стоп. А фестываль "Добрыя чараўнікі" аб'яднае аніматараў, якія пераўвасабляюцца ў казачных персанажаў. На пляцоўках арганізуюць забаўляльную праграму. Кульмінацыяй свята стане цырымонія запальвання агнёў на навагодняй ёлцы. Госці змогуць весела правесці час і пачаставацца пушчанскімі ласункамі, атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза.

"Таксама ў маёнтку з 7 снежня па 15 студзеня будзе новая казачна-інтэрактыўная праграма - "Алгарытмы Новага года". Чакаем усіх. Расказваць нюансы не будзем, няхай гэта будзе сюрпрызам. Будзе сапраўды цікава, - заінтрыгавала начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы. - Заўсёды прапануем размову з Дзедам Марозам, сустрэцца з ім, са Снягурачкай і іншымі персанажамі, павадзіць карагоды каля ёлкі. Магчыма, нехта хоча індывідуальную аўдыенцыю з Дзедам Марозам, расказаць верш або спець песню, або падрыхтаваў для яго нейкі падарунак. У нас ёсць і такая паслуга".

Напярэдадні новага зімовага сезона змяніліся казачныя лакацыі ў маёнтку, яны сталі больш яркімі. У хуткім часе зменіцца і жыллё самога гаспадара сядзібы. Цалкам магчыма, што 2026 год ён будзе сустракаць у новым доме. Такія планы намецілі ў нацыянальным парку.

Белавежскую пушчу ў гэтым годзе наведалі звыш 400 тыс. гасцей. Больш за 53 тыс. пабывалі ў маёнтку Дзеда Мароза.-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі