16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі пачне работу 20 лютага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Буйнейшыя
грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі краіны прынялі рашэнне
аб’яднаць свае намаганні і сумесна забяспечыць назіранне за ходам
галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў
дваццаць дзявятага склікання. Для каардынацыі работы наглядальнікаў і
аператыўнага інфармавання грамадства аб ходзе галасавання створаны Цэнтр
грамадскага назірання за выбарамі, у якім пачынаючы з першага дня
датэрміновага галасавання будзе акумулявацца інфармацыя ад
наглядальнікаў аб ходзе правядзення выбарчай кампаніі. На сённяшні дзень
больш як 37 тыс. чалавек па ўсёй краіне ўжо атрымалі акрэдытацыю і
гатовы да выканання сваіх абавязкаў у якасці нацыянальных
наглядальнікаў.
"Выбудавана дакладная сістэма ўзаемадзеяння
нацыянальных наглядальнікаў на раённым і абласным узроўні. Яны сёння
гатовы прадстаўляць у наш Цэнтр грамадскага назірання аператыўную
інфармацыю з месцаў аб ходзе галасавання. Гэту інфармацыю, як ідзе
выбарчы працэс, якія пазаштатныя або іншыя сітуацыі ўзнікаюць на месцах,
мы будзем аператыўна перадаваць у сродкі масавай інфармацыі, каб нашы
грамадзяне маглі бачыць поўную і аб’ектыўную карціну, - расказаў
намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў. -
Наглядальнікі гатовы да прынцыповай работы. Яны ўсе прайшлі навучанне,
ведаюць свае правы, ведаюць, як, згодна з заканадаўствам, павінен быць
арганізаваны выбарчы працэс. І гатовы пры неабходнасці нейкія свае
заўвагі і прапановы ўносіць выбарчым камісіям".
У сваю чаргу
намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Белая Русь"
Аляксандр Астаповіч падкрэсліў, што ў вядучых грамадскіх аб’яднанняў і
палітычных партый ужо ёсць добры вопыт узаемадзеяння, які дае магчымасць
арганізаваць поўнамаштабнае назіранне за выбарамі.
"Ад кожнага
грамадскага аб’яднання і партыі мы вылучылі наглядальнікамі сваіх
прадстаўнікоў. Яны ўсе прайшлі акрэдытацыю. Задача гэтых людзей -
дапамагчы пазбегнуць нейкіх памылак у выбарчым працэсе", - адзначыў
Аляксандр Астаповіч.
У прэс-службе адзначылі, што Цэнтр
грамадскага назірання за выбарамі таксама запускае гарачую лінію, якая
пачне працаваць з першага дня датэрміновага галасавання.
"Гэта
навацыя бягучага года. Мы арганізавалі шматканальную гарачую лінію, каб
кожны жыхар нашай краіны мог пазваніць у Цэнтр грамадскага назірання за
выбарамі, выказаць нейкія свае заўвагі па працэсе галасавання. Мы праз
нашых наглядальнікаў зможам аператыўна гэту інфармацыю ўдакладніць і
прадаставіць грамадзянам Беларусі аб’ектыўную карціну з месцаў", - дадаў
Вадзім Грачоў.
З заўвагамі і прапановамі аб ходзе галасавання
жыхары Беларусі могуць звярнуцца па тэлефоне 8 (017) 215 21 83 (з 20 па
24 лютага з 12.00 да 19.00, 25 лютага - з 8.00 да 20.00).
Цэнтр
грамадскага назірання за выбарамі створаны Федэрацыяй прафсаюзаў
Беларусі, Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў, грамадскімі
аб’яднаннямі "Белая Русь", БРСМ, "Беларускі саюз жанчын", "Патрыёты
Беларусі", а таксама Беларускай партыяй "Белая Русь", Камуністычнай
партыяй Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі,
Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці.