19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршыўся першы этап рэспубліканскай
кампаніі МНС "Бяспека ў кожны дом!", які праходзіў з 1 па 14 лютага. У
цэнтры ўвагі работнікаў МНС былі шматдзетныя сем'і і сем'і, дзе дзеці
знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паведамілі БЕЛТА ў выратавальным ведамстве.
"Асноўнымі
прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый па-ранейшаму застаюцца
неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога
ацяплення і дзіцячае свавольства з агнём. У большасці выпадкаў такія
здарэнні з'яўляюцца вынікам чалавечай нядбаласці і грэбавання правіламі
бяспекі, таму ў мэтах прадухілення пажараў і гібелі людзей ад іх з 1 па
14 лютага ў рэспубліцы прайшоў першы этап інфармацыйна-прапагандысцкай
кампаніі "Бяспека ў кожны дом!", - удакладнілі ў МНС.
Акцыя
прайшла ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так, дом сямейнага тыпу, у якім
пражываюць 12 дзяцей, наведалі работнікі Гомельскага абласнога УМНС. Яны
прапанавалі ўдзельнікам акцыі згуляць у "Бяспечны дом", паглядзець
прафілактычныя відэаролікі, а таксама ўручылі брашуру "Энцыклапедыя
бяспекі для бацькоў".
У гасцях у шматдзетных сем'яў і сем'яў,
дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пабывалі
работнікі Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. У час
інтэрактыўных заняткаў ратавальнікі нагадалі дзецям аб правілах
бяспечных паводзін, а таксама аб тым, як неабходна дзейнічаць у розных
надзвычайных сітуацыях. Бацькам жа работнікі МНС давалі парады, як
зрабіць дом бяспечным.
Шматдзетным сем'ям у Асіповічах работнікі
МНС нагадалі асноўныя правілы бяспекі ў паўсядзённым жыцці.
Арыентуючыся на розную ўзроставую катэгорыю, ратавальнікі падрыхтавалі
настольныя гульні некалькіх узроўняў складанасці, каб працэс навучання
быў захапляльным і цікавым для ўсёй сям'і. А для замацавання матэрыялу
ўсе ўдзельнікі акцыі паглядзелі відэафільмы.
Сустрэча работнікаў
прапаганды Магілёўскага гарадскога ўпраўлення МНС прайшла ў шматдзетнай
сям'і, дзе бацькоў азнаёмілі з мабільным дадаткам "МНС Беларусі:
дапамога побач". З дзецьмі ж ратавальнікі ў гульнявой форме паўтарылі
правілы бяспекі. На заканчэнне мерапрыемства дарослыя атрымалі брашуру
"Энцыклапедыя бяспекі для бацькоў", а дзеці часопіс "Юный спасатель".
У
Касцюковічах у фармаце дамашняга дыялогу прайшлі ўрокі бяспекі для
шматдзетных сем'яў і сем'яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна
небяспечным становішчы. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных
сітуацыях правялі з удзельнікамі акцыі інтэрактыўныя гутаркі аб
выкананні правіл бяспекі ў быце і эксплуатацыі электраабсталявання і
расказалі аб небяспецы пакідання дзяцей адных без нагляду. У гульнявой
форме дзеці паўтарылі нумары тэлефонаў службаў экстраннага рэагавання і
паглядзелі мультфільм "Спецатрад 112", а бацькі прайшлі тэсціраванне на
веданне правіл бяспекі.
Не засталіся без увагі і шматдзетныя
сем'і Клімавіцкага раёна. Тут у цэнтры ўвагі аказалася адпрацоўка
алгарытму дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару. Бацькоў ратавальнікі
заклікалі выконваць правілы пажарнай бяспекі, не пакідаць дзяцей адных
без нагляду і сваім прыкладам вучыць маладое пакаленне.
У
Брэсцкай вобласці работнікі МНС Пінскага гарадскога і Пружанскага
раённага аддзелаў па надзвычайных сітуацыях правялі сустрэчы з дзецьмі і
іх бацькамі ў фармаце дамашняга дыялогу з элементамі гульнявой
праграмы. Урок па бяспецы для дзяцей, экзамен для бацькоў у доме
сямейнага тыпу падрыхтавалі работнікі Баранавіцкага гаррайаддзела па
надзвычайных сітуацыях.
Каб правілы бяспекі было цікава і лёгка
вывучаць, работнікі Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных
сітуацыях прадставілі іх у гульнявой форме, выкарыстоўваючы навучальнае
поле "Спецатрада 112", карткі "5 крокаў выратавання" і "Знайдзі выйсце з
надзвычайнай сітуацыі". Не толькі дзеці з задавальненнем адказвалі на
пытанні і гулялі, але і бацькі былі ўключаны ў гэты працэс.
Работнікі
Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях таксама наведалі
шматдзетныя сем'і. На Аршаншчыне такіх сем'яў больш за паўтары тысячы.
Ратавальнікі яшчэ раз нагадалі дзецям і іх бацькам аб правілах бяспекі, а
пасля прапанавалі да прагляду відэафільм "Не пакідайце дзяцей адных".
Работнікі
МНС Лёзненскага раённага і Полацкага гарадскога аддзелаў па
надзвычайных сітуацыях разам з героямі мультфільмаў "Чароўная кніга" і
"Фіксікі" прыйшлі ў госці да шматдзетных сем'яў. Пры дапамозе гульняў і
конкурсаў яны далучалі да працэсу вывучэння правіл бяспекі не толькі
дзяцей, але і дарослых. Малыя дзеці, гуляючы, змаглі ўспомніць алгарытм
дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару, нумары выкліку экстранных службаў,
правілы бяспекі ў зімовы перыяд і правілы бяспекі дома, а бацькі
дзякавалі ратавальнікам за крэатыўны падыход да навучання бяспецы.
Старшы
інспектар прапаганды Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных
сітуацыях нагадала дарослым і дзецям пра важныя правілы бяспекі з
дапамогай гульні "Дапоўненая рэальнасць". Шматдзетныя сем'і Докшыцкага і
Глыбоцкага раёнаў, калі ў іх дом пастукалі работнікі МНС, сталі
ўдзельнікамі інтэрактыўных заняткаў і гульняў па бяспецы "5 крокаў
выратавання", "Небяспека ў кватэры", "Службы выратавання", "Бяспечная
эвакуацыя", "Крыжыкі-нулікі".
У інтэрнаце нумар 16 Жлобіна, дзе
пражываюць шматдзетныя сем'і і сем'і з дзецьмі, якія знаходзяцца ў
сацыяльна-небяспечным становішчы, у холе працавалі навучальныя
інтэрактыўныя пляцоўкі МНС. Работнікі МНС расказвалі, як правільна
абсталяваць сваю кватэру, каб дзіцяці ў ёй было бяспечна, і заклікалі не
пакідаць дзяцей без нагляду. Маладым мамам работнікі МНС прапанавалі
прайсці тэсціраванне з мабільнага дадатку "МНС Беларусі: дапамога
побач".
Не засталіся без увагі і юныя жыхары Ліды. Работнікі МНС
паразмаўлялі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і прапанавалі ім згуляць у
настольную гульню "Чэмпіянат бяспекі". Дзеці змаглі адправіцца ў
прыгоды, дзе ім трэба было знайсці выйсце з розных надзвычайных
сітуацый.
Незвычайны ўрок бяспекі прапанавалі шматдзетным сем'ям
ратавальнікі Гродзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях
сумесна з прадстаўнікамі БРСМ і сацыяльнай службы. Дзеці і іх бацькі
былі вельмі рады гасцям. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні
ратавальнікаў і расказвалі, як трэба дзейнічаць у экстраннай сітуацыі.
Замацаваць атрыманыя веды ратавальнікі прапанавалі, згуляўшы ў "Бяспечны
твістар".
Работнікі МНС Мінска і Мінскай вобласці таксама
наведалі шматдзетныя сем'і. Бацькам ратавальнікі рэкамендавалі
ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў кожны жылы пакой свайго
домаўладання і нагадалі аб неабходнасці падтрымання яго ў спраўным
стане, а з хлопчыкамі і дзяўчынкамі работнікі МНС у гульнявой форме
адпрацоўвалі правілы выкліку экстранных службаў і дзеянні ў выпадку
пажару. Усе ўдзельнікі атрымалі карысныя падарункі - кнігі і размалёўкі.
Работнікі
МНС Магілёўскай вобласці не толькі наведалі шматдзетныя сем'і і сем'і,
дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але і
прапанавалі гэтым сем'ям паўдзельнічаць у фотаконкурсе на тэму, якую
юныя ўдзельнікі і іх бацькі выбіралі самі: "Сям'я - за бяспеку", "Мы
ганарымся тым, чаму навучылі!", "Наша сям'я моцная ў бяспецы!". Сем'і,
захопленыя тэмай конкурсу, стваралі цэлыя кампазіцыі, прысвечаныя
навучанню правілам бяспекі, а таксама шылі касцюмы ратавальнікаў МНС і
стваралі пазнавальныя фотакалажы.-0-