26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 лютага павялічваюцца памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Так, з 1 лютага па 31 ліпеня 2024 г. памеры дапамогі па доглядзе
дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, што вылічаюцца з сярэднямесячнай
заработнай платы, выраслі на 11,3 працэнта і складуць: на першае дзіця -
724,85 руб. ( плюс 73,5 руб.), на другое і наступных дзяцей - 828,40
руб. (плюс 84 руб.), на дзіця-інваліда - 931,95 руб. (плюс 94,5 руб.)
Таксама з 1 лютага на 10,6 працэнта павялічваюцца памеры дзяржаўных
дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, што вылічаюцца з бюджэту
пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Новы памер БПМ
зацверджаны ў памеры 406,74 руб. і будзе дзейнічаць з 1 лютага па 30
красавіка 2024 г.
Так, аднаразовая дапамога цяпер складзе:
пры нараджэнні першага дзіцяці - 4067,40 руб. (плюс 389,5 руб.);
пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 5694,36 (плюс 545,3 руб.).
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях
аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага будзе
выплачвацца ў памеры 406,74 руб., дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце
ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў
(штомесяц) - у памеры 203,37 руб.
Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18
гадоў складзе 406,74 руб. (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV
ступенню страты здароўя да надыходу дзіцяці ўзросту 3 гадоў) і 488,09
руб. (з III і IV ступенню страты здароўя пасля надыходу дзіцяці ўзросту 3
гадоў); штомесячная дпамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў,
інфіцыраванае ВІЧ, - 284,72 руб.
Звяртаем увагу, пры выхаванні ў сям’і дваіх і больш дзяцей, адно з
якіх ва ўзросце да 3 гадоў, выплачваюцца дзве дапамогі: на дзіця да 3
гадоў (40 працэнтаў СЗП) і дзіця (дзяцей) ад 3 да 18 гадоў (50 працэнтаў
БПМ). Сумарны памер дзвюх дапамог складзе 1031,77 руб.
Для даведкі:
У 2024 годзе на выплату дапамог па мацярынстве і сямейных дапамог
плануецца накіраваць 3,4 мільярда рублёў, з іх 1,8 мільярда - на выплату
дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.
Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пералічваецца
два разы ў год (з 1 лютага і 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэдняй
заработнай платы работнікаў у краіне. Штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1
жніўня і 1 лістапада) пералічваюцца і дапамогі, што вылічаюцца ад
бюджэту пражытачнага мінімуму.