Ляхавіцкі раён размешчаны ва ўсходняй частцы Брэсцкай вобласці. Плошча раёна складае 1353,55 км2. Горад Ляхавічы - адміністрацыйны цэнтр раёна - размешчаны ў 226 км на паўночны ўсход ад абласнога цэнтра г. Брэста, у 161 км ад г. Мінска і ў 22 км ад г. Баранавічы. Ляхавіцкі раён мяжуе з Баранавіцкім, Ганцавіцкім, Івацэвіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, а таксама з Клецкім і Нясвіжскім раёнамі Мінскай вобласці.
У складзе раёна 8 сельскіх Саветаў: Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Канькоўскі, Крывошынскі, Начэўскі, Навасёлкаўскі, Альхоўскі, Астроўскі, горад раённага падпарадкавання і 123 сельскія населеныя пункты. На 1 студзеня 2023 года колькасць насельніцтва раёна складае 22388 чалавек, у сельскай мясцовасці пражывае каля 54% усяго насельніцтва раёна. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва - 17 чалавек на км2.
Рэльеф раўнінны, пераважна нізінны. Пераважныя вышыні 153-218 м. Максімальная вышыня - 253,3 м (каля в. Счастнавічы), мінімальная - 150,3 м вышэй за ўзровень мора (каля в. Тухавічы). Рэкі належаць басейну Нёмана (Шчара - 133,9 км, Ведзьма - 23,7 км, Ліпнянка - 25,8 км, Шавялёўка, Нача, Свідраўка, Мышанка). Рэкі не суднаходныя. На тэрыторыі раёна размешчаны вадасховішчы: Мініцкае (540 га), Нетчынскае (107 га), Ляхавіцкі вадаём у вярхоўі ракі Ведзьма, у межах горада.
Вядучай галіной з'яўляецца перапрацоўчая прамысловасць. Аснову сельскагаспадарчай вытворчасці складае мясамалочная спецыялізацыя з развітой збожжа- і льновытворчасцю.