9 лютага, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Бархім" запусціла абноўлены цэх
па выпуску вадкіх мыйных сродкаў. З вытворчасцю сёння азнаёміўся
намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Бархім" з’яўляецца даччынай кампаніяй холдынга "Белрэсурсы".
Баранавіцкае прадпрыемства рэалізавала інвестыцыйны праект, уключаны ў
пералік "Адзін раён - адзін праект". "Гэты праект дасць магчымасць
выпускаць якасную, запатрабаваную як на ўнутраным, так і на знешніх
рынках прадукцыю. Мы можам канкурыраваць з імпартнымі таварамі, якія
прысутнічаюць на паліцах у сетках. Такім чынам уключаемся ў рэалізацыю
праграмы па імпартазамяшчэнні", - сказаў генеральны дырэктар ААТ
"Белрэсурсы - кіруючая кампанія холдынга "Белрэсурсы" Павел Семянюк.
На
рэалізацыю праекта спатрэбіўся год. У мінулым снежні быў падпісаны акт
аб уводзе ў эксплуатацыю цэха пасля правядзення тэхнічнай мадэрнізацыі.
"Абсталяванне пастаўлялі беларускія вытворцы. Мы вельмі задаволены:
зручна, тэхнічнае выкананне - цудоўнае, - адзначыла дырэктар ААТ
"Бархім" Святлана Шляпцова. - Цэх функцыянуе. Мы апрабуем віды ўпакоўкі,
тары. Прадукцыя, якая выраблена ў новым цэху, прадстаўлена ўжо ў
сетках". Размова ідзе аб вадкіх пральных парашках, гелях. Мадэрнізацыя
дала магчымасць прадпрыемству палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі за
кошт прымянення новых тэхналогій, а таксама павялічыць аб’ёмы
вытворчасці.
Ігар Петрышэнка, знаёмячыся з работай прадпрыемства, заклікаў
адшукваць рэзервы для больш актыўнага пашырэння сваёй прадукцыі. Акрамя
беларускага рынку прадпрыемства робіць захады для нарошчвання экспарту. У
прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне паставак сінтэтычных мыйных
сродкаў у Кітай. Баранавіцкія вытворцы маюць намер прадаўжаць далейшую
мадэрнізацыю.
"Перспектывы вялікія. Мы прапрацоўваем развіццё
"Бархіма". Думаю, у бліжэйшыя некалькі гадоў у нас будзе яшчэ адзін
інвестпраект", - дадала Святлана Шляпцова.-0-