9 лютага, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. Баранавічы павінны актыўней
выкарыстоўваць прамысловы патэнцыял і прыцягваць інвестыцыі. Аб гэтым
заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка па выніках пасяджэння
Баранавіцкага гарвыканкама, на якім разгледжаны вынікі 2023 года і
абмеркаваны задачы на 2024-ы,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час пасяджэння адбыўся грунтоўны і канструктыўны дыялог.
"Выпрацавалі і намецілі канкрэтныя шляхі вырашэння пытанняў, якія
звязаны з выкананнем паказчыкаў, у першую чаргу звязаных з экспартам
прадукцыі і паслуг, ростам заработнай платы, эфектыўнасцю вытворчасці,
поўнай загрузкай магутнасцей, інавацыйным і інвестыцыйным развіццём тых
ці іншых прадпрыемстваў і арганізацый. У поўнай меры яны павінны
выконваць свае абавязацельствы", - сказаў ІгарПетрышэнка.
Ён
падкрэсліў, што рост эканомікі дае магчымасць развіваць усе сферы
жыццядзейнасці, выконваць сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі. "Трэба
максімальна задзейнічаць прамысловы патэнцыял. Усё, што карыстаецца
павышаным попытам на рынку, павінна быць выраблена якасна і эфектыўна
прададзена. Па-другое, трэба актыўна напрацоўваць новыя інвестыцыйныя
праекты. У горадзе сфарміравана база для развіцця прамысловасці, ёсць
кваліфікаваныя кадры і неабходныя кампетэнцыі, маецца развітая сістэма
энерга- і водазабеспячэння. Вядзецца будаўніцтва індустрыяльнага парка.
Усё гэта адносіцца да ліку ключавых крытэрыяў, якія прымаюцца пад увагу
інвестарамі пры выбары лакацыі для новых інвестпраектаў", - звярнуў
увагу віцэ-прэм’ер.
Таксама закранулі ў размове і пытанні ЖКГ,
будаўніцтва жылля, развіцця інфраструктуры, гарадскога асяроддзя,
функцыянавання сацыяльнай сферы. Асаблівы акцэнт зроблены на ахове
здароўя. "У поўнай меры мы павінны выправіць тыя недахопы, якія былі
выяўлены і кантралюючымі, і нагляднымі органамі, і маніторынгавай
групай. Павінны стандарты, якія ў поўнай меры забяспечваюцца, яшчэ далей
развіваць, каб у людзей не было нараканняў на якасць аказання
медыцынскай дапамогі ў Баранавічах. Тым больш горад выконвае функцыю
міжрэгіянальнага цэнтра па аказанні высокатэхналагічнай медыцынскай
дапамогі", - заўважыў Ігар Петрышэнка.
Акрамя таго, на пасяджэнні
абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі і замацавання кадраў, развіцця турызму.
"Наогул, усе тыя аспекты, якія датычацца жыцця і развіцця Баранавіч,
былі ў полі зроку. Мне здаецца, такі зацікаўлены, канструктыўны дыялог,
які адбыўся на пасяджэнні гарвыканкама, паслужыць далейшаму
сацыяльна-эканамічнаму развіццю Баранавіч, і людзі гэта адчуюць", -
рэзюмаваў намеснік прэм’ер-міністра.