Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная // Навіны

Справядлівыя цэны і ўмовы работы. У Брэсце праходзіць пасяджэнне Міждзяржсавета па антыманапольнай палітыцы

22/10/2025 15:10
У Брэсце праходзіць 59-е пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы (МСАП), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшынствуе ў Міждзяржаўным савеце па антыманапольнай палітыцы ў 2025-2026 гадах Беларусь. У пасяджэнні ў Брэсце прымаюць удзел прадстаўнікі Узбекістана, Таджыкістана, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Беларусі. Некаторыя з іх падключыліся да абмеркавання па відэа-канферэнц-сувязі.

"Мы збіраемся на пасяджэннях два разы ў год. Гэта добрая пляцоўка для таго, каб антыманапольныя ведамствы краін абмяняліся вопытам, які напрацавалі за мінулы час. Нібыта і не вялікі перыяд - шэсць месяцаў, але праведзена шмат дадатковых кантрольных мерапрыемстваў, выкрыты новыя факты парушэнняў антыманапольнага заканадаўства на тэрыторыі нашых дзяржаў. Органы, якія абараняюць насельніцтва, канкурэнцыю, заўсёды павінны трымаць вуха востра", - падкрэсліў старшыня МСАП, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Артур Карповіч.

Абменьваючыся вопытам, бакі стараюцца выбудоўваць адпаведныя заслоны, каб не дапусціць парушэнняў. У нейкіх выпадках уносяцца карэкціроўкі ў заканадаўства, выкарыстоўваюцца прэвентыўныя меры. "Асноўныя пытанні, якія тут разглядаем, - абмен вопытам, каб нашы дзеянні былі скаардынаваны і мы маглі выбудоўваць у першую чаргу для спажыўцоў нашых краін нармальныя, справядлівыя і цэны, і ўмовы функцыянавання, і паслугі", - акцэнтаваў увагу Артур Карповіч.

На пасяджэнні абмяркоўваюць шырокі спектр пытанняў, у прыватнасці, звязаных са сферай транспарту, рэалізацыяй нафтапрадуктаў, работай сотавых аператараў, маркетплейсаў. Кіраўнік Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Максім Шаскольскі адзначыў, што такія сустрэчы дазваляюць абмеркаваць не толькі агульныя тэмы. "Мы даведаемся пра найбольш цікавыя практыкі, найбольш дасканалыя, сучасныя. Пачынаем іх прымяняць у сваёй рабоце", - растлумачыў ён.

У сваю чаргу член Калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Максім Ермаловіч заўважыў, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы арганізавалі менавіта ў Брэсце. Сімвалічна, бо Брэсцкую крэпасць у пачатку Вялікай Айчыннай вайны абаранялі людзі розных нацыянальнасцей. "Добры выбар, каб паказаць, наколькі мы прадаўжаем супрацоўнічаць у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У Еўразійскай эканамічнай камісіі і Еўразійскага эканамічнага саюза ў рамках МСАП свой парадак дня. Мы традыцыйна ўдзельнічаем у якасці наглядальнікаў у гэтых мерапрыемствах, прадстаўляем работу нашага інтэграцыйнага аб'яднання", - сказаў ён.

На пляцоўцы Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы адбылася нарада кіраўнікоў антыманапольных органаў у фармаце 5+1. "Ёсць дзве ініцыятывы, якія будуць у бліжэйшы час складаць аснову нашай заканадаўчай работы. Гэта звязана з развіццём агульнага біржавога рынку. Таксама прадаўжаецца работа па ўстанаўленні справядлівых тарыфаў на паслугі галасавой сувязі ў роўмінгу на ўсёй прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. Абмяркоўвалі больш складаныя тэмы, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту, дзеяннем электронных лічбавых платформ", - расказаў Максім Ермаловіч. Ён дадаў, што таксама быў праведзены аналіз фармацэўтычнага сектара на прасторы ЕАЭС. Быў выяўлены дыспарытэт у цэнах на лекавыя сродкі. Зроблена выснова аб неабходнасці гарманізацыі механізмаў рэгулявання гэтага рынку для павышэння даступнасці лякарстваў для ўсіх грамадзян саюза.-0-