Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка
29 лютага падпісаў указ нумар 75 аб устанаўленні юбілейнага медаля "80
гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Аб гэтым
БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
Дакументам таксама зацверджана палажэнне аб юбілейным медалі, яго апісанне і ўзор пасведчання да яго.
На правым баку размешчана фігура
радавога Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў летнім абмундзіраванні з
пісталетам-кулямётам Шпагіна ў руках, правей - фігура партызана з ручным
кулямётам Дзегцярова. Справа ад фігур - адзін пад адным гады "1944" і
"2024", вышэй - выява салюту. У ніжняй частцы - ордэн Айчыннай вайны
залацістага колеру, размешчаны на вянку з дубовага лісця.
На адваротным баку медаля - надпіс "80
гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", вакол якога
- лаўровы паўвянок, абвіты стужкай, а на ім - пяціканцовая зорка
залацістага колеру.
Юбілейным медалём будуць
узнагароджваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх
лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных
фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, замежных
грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі
Беларусі і непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях за вызваленне
Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Узнагароджваць медалём будуць таксама
ваеннаслужачых Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў
Беларусі, работнікаў дзяржаўных органаў і іншых асоб, якія ўнеслі значны
ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян краіны, увекавечванне
памяці загінулых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю
вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.