Кантактны тэл.: 8 (01633) 2 13 06 – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама.
Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і мае «2» катэгорыю каштоўнасці.
Маёнтак Грушаўка вядомы з XVI стагоддзя як уласнасць Радзівілаў. У канцы XVII стагоддзя польскі кароль Ян ІІІ Сабескі падараваў маёнтак кракаўскаму рыцару Міхаілу Рэйтану. Род Рэйтанаў перасяліўся ў Рэч Паспалітую каля 1600 года і раздзяліўся на дзве галіны, адна з якіх пачала жыць на тэрыторыі Беларусі. Грушаўка больш за 200 год была галоўнай рэзідэнцыяй Рэйтанаў.
У 1705 годзе маёнтак Грушаўка адышоў у спадчыну малалетнему сыну Міхаіла Дамініку. Дамінікам быў закладзены мураваны палац у стылі класіцызму. Грушаўскі двор, вядомы з акварэлі Н. Орды, уключаў у сябе сядзібны дом і дзве афіцыны. Адным з пяці сыноў Дамініка быў Тадэвуш Рэйтан, вядомы пасол Навагрудскай зямлі на Варшаўскі сейм 1773 года, дзе вырашалася пытанне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Разам з паплечнікамі ён спрабаваў недапусціць падзелу сваёй Радзімы. Варшаўскі сейм скончыўся ўзгадненнем падзелу Рэчы Паспалітай, Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку. Астатнія гады свайго жыцця ен правёў у афіцыне, дзе размяшчаўся сямейны архіў.
Апошнімі ўласнікамі Грушаўкі былі Юзаф і Аліна Рэйтаны. Дбайныя гаспадары мадэрнізавалі сядзібу. Мураваны дом, пабудаваны Дамінікам, быў знесены і на яго месцы ўзведзены драўляны дом у стылі мадэрн, які захаваўся да сучаснасці. Ён у’яўляе сабой прамавугольны аб’ем, спачатку крыты гонтавым дахам. Пакоі і залы дома былі аздоблены размалёўкай, разьбой, цудоўнымі па хараству грубкамі з голанскіх кафлін Эрнста Тэльхерта. Дом меў вадаправод, ванну, каналізацыю і электрычнасць. Энергічным сямействам былі пабудаваны новыя стайні і корпус спіртапрыёмніка.
Юзаф Рэйтан памёр раптоўна ў 1910 годзе, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Сядзіба Грушаўка перайшла ва ўласнасць Грабоўскіх. Стары Грабоўскі перапісаў маёнтак непаўналетняму сыну Аляксандру. Грабоўскія перасяліліся ў Грушаўку. Дбаннем Грабоўскага на месцы смерці Юзафа Рэйтана была пабудавана капліца ў неагатычным стылі.
У час першай сусветнай вайны агонь ад выбухнуўшага снарада знішчыў архіў рода Рэйтанаў, які захоўваўся ў “мураванцы” Тадэвуша Рэйтана. Пасля кастрычнічкай рэвалюцыі і ўсталявання савецкай улады на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна маёнтак быў рэквізаваны, Грабоўскія і Аліна вымушаны былі бегчы ад бальшавіцкай улады. Салдатамі Чырвонай арміі было разбурана і знішчана унутранае аздабленне дома, разрабавана гаспадарка сядзібы. З падпісаннем Рыжскага мірнага дагавору ў 1921 годзе Грабоўскія вярнуліся назад у Грушаўку. У 1939 годзе пасля пачатку Першай сусветнай вайны і ўсталявання савецкай улады ў Заходняй Беларусі маёнтак зноў апынуўся ў руках бальшавікоў. Стары Грабоўскі памёр у 1939 годзе сваёй смерцю, яго сына Аляксандра арыштавалі і хутчэй за ўсё расстралялі. Старую Аліну выслалі ў Сібір. Польскі Чырвоны Крыж дабіўся яе перасялення ў Варшаву, па дарозе назад жанчына захварэла і памерла.
Грушаўка страціла сваіх гаспадароў. На тэрыторыі комплекса ў розны перыяд размяшчаліся клуб, Дзяржаўная стайня. Сядзібны дом адводзіўся пад кватэры для жыхароў вёскі.
Уласнік: Дзяржаўнае прадпрыемства «Нача».
Кантактны тэл.: 8 (0162) 5 25 05.
Комплекс былой сядзібы 1810-1815 гг. у в. Нача ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і мае «2» катэгорыю каштоўнасці.
Сядзіба закладзена Міхаілам Чарноцкім на роўнай левай тэрасе р. Нача ў 1810-1815 гг. на плошчы болей 20 га. Палац, заснаваны Міхаілам Чарноцкім, існаваў у нязменным выглядзе да 1905 г. У 1905-1910 гг. сядзіба была перапланавана Казімірам Чарноцкім (архітэктар А. Кржыжаноўскі). Спачатку палац выглядаў наступным чынам: будынак у плане меў прамавугольную форму, з высокімі вокнамі, быў накрыты гладкім чатырохсхільным дахам. Перабудова палаца і двара па новым праекце заключалася ў падвышэнні бакавых крылаў да вышыні цэнтральнай часткі будынка, замена даху на гладкі двухсхільны. Такім чынам, былі падвышаны нізкія пакоі, вокны якіх атрымалі добрую мастацкую аздобу. Акрамя таго, былі дабудаваны вялікія тэрасы, гаспадарчыя і службовыя памяшканні.
Адначасова з узвядзеннем палаца быў закладзены невялікі пейзажны парк плошчай некалькі гектараў. Большасць дрэў была лісцевых парод, аднак сустракаліся елкі і сосны. З заходняга боку ансамбля цягнулася другая алея, абсаджаная таксама таполямі. У межах гэтай часткі парка стаяў круглы каменны стол на нізкай падстаўцы. На ўсходняй ускраіне кампазіцыя ў выглядзе дравеснай клумбы ў дыяметры 7 м., якую лічаць сонечным гадзіннікам.
Апошні раз рэканструкцыя сядзібы праводзілася Жыгімонтам Чарноцкім у 1930-я гг.
Сення сядзіба патрабуе рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. У комплексе захаваліся сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, фрагменты парку.
Уласнік: сумеснае закрытае акцыянернае таварыства «ЛадаГарант» г. Мінск.
Кантактны тэл.: 8 (0172) 20-40-38.
Парк «Савейкі» уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У 1860 годзе Савейкі набыў маер у адстаўцы Гектар Банавентуравіч Навіцкі. У гэты час да маентка адносіліся фальварак Заполле і вескі Лапацічы, Гайнінцы, Гайнін, Тальмінавічы, Мядзведзічы, Куршынавічы. Усей зямлі налічвалася 17561 дзесяціна, 1857 саж. Дзейнічалі мылаварны, свячны, вінакурны, шкіпідарны заводы, смалакурня, бровар, два вадзяныя млыны, тры карчмы.
Апошнімі ўладальнікамі Савеек роду Навіцкіх былі Тэафіл і Андрэй Навіцкія.
Цэнтрам кампазіцыі палаца-паркавага ансамбля з’яўляецца мураваны палац. Дата ўзвядзення палаца дакладна невядомая, хоць на падмурку значыцца 1901 год. Верагодна, палац быў узведзены адначасова з закладкай парку ў 1850-я гады, а дата на падмурку нанесена ў перыяд рэканструкцыі будынка. У другую сусветную вайну палац гарэў. У 1959 годзе каробка была адноўлена і будынак прыстасаваны пад санаторны корпус.
Паводле апісання А.Т. Федарука, парк належыць да тыпу пейзажных перыяду рамантызму. Ен захаваў у асноўным элементы колішняй кампазіцыі. Яго парадная частка мае сіметрычную планіроўку. Уязная алея, абсаджаная елкамі і кленамі, даўжыней больш за 450 м перасякаецца з папярочнай алеяй сядзібы і выходзіць на вялікі роўны парадны партэр. За палацам размешчана пейзажная частка парку, якая завяршаецца сажалкай з выспамі. Уздоўж кампазіцыйнай восі чаргуюцца невялікія паляны і групы дрэў, пераважна ліпаў і кленаў. У большасці груп дамінуючым відам застаецца лістоўніца.
Паўднева-заходняя частка парку складаецца з трох сажалак рознай велічыні і формы з кароткімі каналамі і дамбамі. Усе сажалкі злучаюцца праз канал з партэрным вадаемам. Кампазіцыя з сажалакамі, створаная ў рамантычнай традыцыі, з’яўляецца найбольш лірычным месцам парку. Яе галоўным элементам быў востраў з мураванай альтанкай (не захавалася), да якой веў перакідны масток (адноўлены ў 1999 годзе з дрэва).
На папярочнай алеі сядзібы насупраць става размешчаны будынак вінакурні.
Месцазнаходжанне: в. Флер’янова Ляхавіцкага раена.
Уласнік: Трацяк Генрых Міхайлавіч.
Кантактны тэл.: 8 (01633) 5 78 53.
Сядзіба пабудавана Янам Атонам Бохвіцам (1835-1915), атрымаўшым ў 1856 годзе ў спадчыну ад бацькі Фларыяна фальварак Новыя Вошкаўцы. Фларыян Бохвіц вядомы пісьменнік, філосаф, жанаты на Паўліне Маеўскай, роднай сястры маці Адама Міцкевіча Барбары Маеўскай. Сам Ян Бохвіц маладым афіцэрам расійскай арміі прымаў удзел у Крымскай вайне, а пасля яе заканчэння атрымаў шырокую папулярнасць у сваіх родных мясцінах як гарачы прыхільнік скасавання прыгонніцтва. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 г. быў кінуты за краты ў Дынабургскую крэпасць. Пасля году турмы быў памілаваны і, вярнуўшыся на радзіму, узяўся за аднаўленне разбураных сядзіб.
Спачатку пабудаваў палац непадалеку ад в. Вошкаўцы і назваў яго імем бацькі – Фларыянава, а, заклаўшы новы палаца-паркавы ансамбаль на р. Качарэшчы пад Баранавічамі, назваў яго імем сваей маці – Паўлінава. Палац у Флер’янова быў пабудаваны каля 1870 года. Будынак быў драўляным, узведзены на высокім падмурку, часткова аднапавярховы, часткова мансардны. У хуткім часе палац стаў цесным. Таму з двух бакоў былі дабудаваны ў стылі неаготыкі мураваныя прыбудоўкі. Пасля заканчэння і рэканструкцыі палац налічваў 19 пакояў (15 на першым паверсе і 4 на на другім).
Пры будаўніцтве палаца вакол яго быў закладзены ўнікальны парк. Кампазіцыя парку, закладзенага Янам Атонам у Флер’янова, выканана з выкарыстаннем рэдкіх раслін. У фрагментах парку, якія захаваліся, растуць лістоўка еўрапейская, ліпы Мольтке і буйналіставая, ірга каласістая, конскі каштан, спірэя і інш. Вакол парку нешырокай паласой былі пасаджаны фруктовыя дрэвы. У садзе Я.О. Бохвіц займаўся вырошчваннем і вывучэннем сартоў пладовых раслін.
Алея вяла да палаца ад уязной брамы. Якая яшчэ ў Першую сусветную вайну была разрабавана. Дзверы брамы як арыгінальная каштоўнасць былі зняты і вывезены кайзераўцамі ў Германію. Ад Яна Атона сядзіба Флер’янова перайшла ў спадчыну яго сыну Тадэвушу Бохвіцу (1863-1930), пашлюбленаму з Браніславай Цывінскай.